Страницы меню навигации

Официальный сайт Прихода храма иконы Божией Матери «Целительница» в г. Слуцке

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага  епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага

епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія

пастырам, дыяканам, манахам, міранам

і ўсім верным дзецям

Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе айцы, браты і сёстры!

 

«З намі Бог!» – радасна ўсклікае Святая Царква, абвяшчаючы людзям Нараджэнне Спасіцеля свету, Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Уся гісторыя чалавецтва распадаецца на два перыяды: да і пасля Ражджаства Хрыстовага. «Уяві, як было б велічна, калі б мы ўбачылі, што сонца сышло з нябёсаў і ідзе па зямлі. <…> Падумай і разваж цяпер, як велічна бачыць, што Сонца праўды прасвятляе нашы душы!» – кажа пра значэнне гэтай падзеі свяціцель Іаан Залатавуст.

Адбылося неймавернае: Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам. Нараджэнне Богадзіцяці расчыніла перад кожным з нас дзверы ў дасканаласць і бяссмерце.

У гэтыя светлыя дні сардэчна дзякую клірыкам за руплівую пастырскую працу і прашу працягваць збудаванне Царквы Хрыстовай з любоўю і доўгацярпеннем. Я ўпэўнены, што кожны прыход Слуцкай епархіі можа стаць гасцінным домам для людзей. Важна, каб чалавек, прыйшоўшы ў , убачыў, што яму рады.

Хачу падкрэсліць, што не толькі святар фарміруе прыход, але і прыхаджане. Не выпадкова апостал Пётр з такімі словамі звяртаецца да першых хрысціян: Вы – род выбраны, царскае свяшчэнства, народ святы, людзі, прыдбаныя, каб абвяшчаць дасканаласць Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае Сваё святло (1 Пётр. 2: 9).

Бог – гэта любоў (1 Ін. 4: 16), і кожны, хто лічыць сябе праваслаўным, павінен сведчыць пра гэта. Прыгадаем, што Гасподзь кажа: Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою (Ін. 13: 35). Не у сераду і пятніцу і не іконы ў салоне аўтамабіля павінны быць галоўнай прыкметай нашай прыналежнасці да Царквы. Знешні бок веры значны, яго варта беражліва захоўваць, але ў якасці формы, змест якой – любоў да Бога і бліжняга.

Дарагія мае, бясконца важна заставацца хрысціянамі за парогам храма, у паўсядзённым жыцці. І на працы, і ў сям’і мы павінны паказваць сваёй прыстойнасцю, дабрынёй, спагадлівасцю, што Бог насамрэч ёсць! Свет, у якім мы з вамі жывём, стаміўся ад слоў і з цяжкасцю верыць прыгожым прамовам. Але давер да добрых спраў застаўся.

Асобныя словы я хацеў бы звярнуць да моладзі. Сярод 12 апосталаў быў вучань, якога любіў Іісус (гл. Ін. 13: 23, 19: 26, 20: 2, 21: 7, 21: 20). Менавіта так Евангелле неаднаразова называе самага малодшага з вучняў Спасіцеля – апостала Іаана Багаслова. І гэта вельмі паказальнае азначэнне! Хрыстос любіць моладзь.

Так, маладыя звычайна не спяшаюцца падпарадкоўвацца традыцыйным аўтарытэтам. Але такім і павінен быць чалавек, каб зразумець: усе ідалы свету – нішто, толькі Адзіны Бог варты служэння і пакланення.

Канешне, моладзі ўласцівы максімалізм і імкненне ўзяць ад жыцця ўсё. У адказ на гэту прагу паўнаты быцця і кажа Хрыстос: Я прыйшоў, каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі (Ін. 10: 10).

Безумоўна, моладзь хоча свабоды. І Спасіцель не асуджае гэтае жаданне, але абяцае: Спазнаеце ісціну, і ісціна вызваліць вас (Ін. 8: 32).

Маладосць і святасць добра спалучаюцца. Прыклад таму – нябесная заступніца нашай епархіі, святая княгіня Сафія Слуцкая. У малітвах мы называем яе «блажэнная маці наша», і гэта крыху засланяе ад нас факт маладосці гэтай святой, – але ж княгіня Сафія пражыла на зямлі ўсяго 26 гадоў! Пра гэта карысна памятаць, маючы на ўвазе тое, што Царква праславіла Сафію Слуцкую не толькі за асабістую набожнасць, але і за лёсавызначальны для ўсёй Белай Русі подзвіг абароны Праваслаўя ва ўмовах абвастрэння міжканфесійных супярэчнасцей.

Вобраз святой Сафіі Слуцкай увасабляе лепшыя якасці беларускага народа: міласэрнасць і мудрасць, трываласць і ахвярнасць. Вось чаму так важна ўшанаваць 430‑годдзе з дня яе нараджэння, якое будзе адзначацца ў бягучым 2016 годзе. Юбілей адзначыць і сам кафедральны горад  – у гэтым жа годзе яму споўніцца 900 гадоў. Абедзве гэтыя даты павінны нагадаць нам, што Праваслаўе ўвайшло ў плоць і кроў гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Дарагія айцы, браты і сёстры! Зноў і зноў запрашаю вас узрадавацца з нагоды Нараджэння Госпада нашага Іісуса Хрыста – Святла нязгаснага і Сонца незаходзячага. Веруйце ў святло, каб стаць сынамі святла (Ін. 12: 36), – заклікае Гасподзь усіх нас. Спяшаймася ж адгукнуцца на гэтыя словы і прынесці ў дар Богадзіцяці нашы сэрцы.

Міра, здароўя, шчасця вам і вашым блізкім! З Ражджаством Хрыстовым, з навалеццем!

Хрыстос нарадзіўся! Бог уцялесніўся!

 

З благаславеннем і любоўю да ўсіх вас, мае дарагія

 

+ АНТОНІЙ,

епіскап Слуцкі і Салігорскі

 

 

 

Ражджаство Хрыстова

2015 /2016 год

горад Слуцк

Если вы обнаружили ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите здесь, чтобы сообщить нам.

Похожие записи